7cca28b7

Чернышевич Аркадий - Калiнiшын Зяць (На Белорусском Языке)



Аркадзь Чарнышэвiч
Калiнiшын зяць
I
Раман Хмыль прачнуўся за поўнач у бацькавай хаце. Прыснiлася нешта
страшнае, незразумелае. Трызненне нейкае. Раман адчуў, што лоб яго аблiўся
халодным потам, а сэрца гатова выскачыць з грудзей. Што гэта было? Раман
напружыў памяць. Ага! Ён апынуўся на нейкай скале, высачэзнай i гладкай.
Памкнуўся злезцi, але калi зiрнуў унiз, то ўбачыў бездань. Ад жаху Раман
заплюшчыў вочы, i ў гэты момант нехта штурхнуў яго ў плечы. Ён азiрнуўся i
ўбачыў невялiчкую дзяўчынку з кiрпатым носiкам i блiскучымi вочкамi. Ён пазнаў
яе. Яна стаяла i смяялася.
Калi гэты сон паўстаў у памяцi, Рамана зноў ахапiў жах. Ён паспрабаваў
крануцца i ледзь не паляцеў з ложка: малодшы брат сапхнуў яго на самы край.
Раман сеў i ўспомнiў усё, што адбылося ўчора вечарам памiж iм, жонкай i
цешчай.
Раман ажанiўся з Надзяй некалькi месяцаў назад. Надзя была стройная i
прыгожая дзяўчына. Ён тады толькi што прыйшоў з армii. Убачыў яе i адразу
закахаўся. Неўзабаве справiлi вяселле. Думаў тады Раман, што злавiў шчасце,
што яму пашанцавала ў жыццi. Надзя скончыла школу, а далей вучыцца не
паступiла. А каб паступiла, то хiба выйшла б яна за яго замуж! Не ведаў Раман,
што Надзя i не думала куды-небудзь паступаць. У яе i яе мацi былi зусiм iншыя
меркаваннi.
I вось ён зноў у бацькавай хаце. Нi халасцяк, нi жанаты. I ўспомнiлася ўсё
да самых драбнiц.
II
Надзiну мацi Марылю ў наваколлi звалi Калiнiхай. Па мужу. Ён, праўда,
зваўся не Калiна, а Болесь. Да трыццаць дзевятага года служыў панскiм леснiком
i ганарыўся сваiм шляхецтвам i каталiцтвам. Калiнай яго дражнiлi за тое, што
ён злавiў у лесе вясковага пастушка, якi зразаў на пугаўё калiну. "Паночак,
дык ён жа калiну зрэзаў, - скардзiўся Болесь пану. - Цэлае дрэва зглумiў,
гад". Пастушка аштрафавалi, хоць тое "дрэва" было таўшчынёю ў палец.
Загiнуў Калiна ў часе Айчыннай вайны ад партызанскай кулi. Тады Надзi iшоў
пяты год. Калiнiха сама выгадавала дзвюх дачок. Хутар яе быў добры. Пры
фашысцкiх акупантах трымала парабкаў i карысталася немалымi льготамi як удава
палiцая. Парабкаў выбiрала маладых, дужых, каб не толькi днём, але i ноччу
нечага былi варты, аднак трымала iх у руках, i нi адзiн не стаў яе мужам.
Дзiвiлiся людзi: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забiць
можна, а ў жыццi - люты драпежнiк. Калi ўчэпiцца ў што-небудзь, то не толькi
рукамi, але i зубамi ўвап'ецца, як клешч, не адарвеш.
Так жыла Калiнiха i гора не ведала, пакуль не прыйшоў канец фашысцкай
акупацыi. Мiнулася панства. Аднак яна не здалася. Абiвала парогi ўстаноў,
плакала, галасiла, скардзiлася на сваё горкае ўдоўства, на мужа-нягоднiка, якi
не ўмеў быць чалавекам. Здзекаваўся з яе, пакуль быў жывы, i праз што, праз
якое яна павiнна пакутаваць. А ў яе ж малыя дзецi. Яна так уелася ў косцi
раённаму начальству, што яе нарэшце пакiнулi ў спакоi, толькi хутар значна
абрэзалi.
Калi арганiзаваўся калгас, яна ўступiла ў яго апошняй. Ад хутара засталася
толькi хата з добрым садам. На работу яна выходзiла кожны дзень i нiколi не
вярталася дамоў з пустымi рукамi. Былi ў яе i iншыя заробкi. Начныя. Вакол
хутара калгасныя палi: збажына, бульба, канюшына. Калiнiха не грэбавала нiчым.
Брала не памногу. Навучыла i дачок. I трэба сказаць, што яны так налаўчылiся ў
гэтай справе, што не мiналi нiчога, што трапляла пад рукi. Асаблiва малодшая,
Надзя. Гэта было такое пранырлiвае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкi
ўкрасцi. I рабiла гэта так хораша i лоўка, што нiхто не мог i падумаць пр



Содержание раздела